Разделы
Государственный контроль в сфере архивного дела и делопроизводства
Архивное дело
Нормативная база
Архивные справочники
Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь
Тематические разработки и базы данных
Генеалогия
Археография
Административные процедуры
Образование
Журнал «Архивы и делопроизводство»
Каляндар знамянальных і памятных дат па гісторыі Беларусі
Жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава

Зборнік паэзіі «Дудар беларускі, або Усяго патроху»

Анатацыя

Чацвёрты зборнік паэзіі В. Дуніна-Марцінкевіча. У яго ўвайшлі вершаваная аповесць у 2-х абразках "Шчароўскія дажынкі" (1857 г.) і "Верш Навума Прыгаворкі" (1856 г.) на беларускай мове, а таксама празаічны зварот "Да Уладзіслава Сыракомлі" (1857 г.) - вядомага польскага і беларускага паэта, які лічыцца своеасаблівай прадмовай да змешчанага ў зборніку вершаванага апавядання ў 3-х частках "Літаратарскія клопаты" (1856 г.), і верш "Да пачцівых беларусаў" (1857 г.) - на польскай мове.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць рукапісны спіс зборніка, зроблены нявызначанай асобай у1890-я гг., а таксама 2-е выданне аповесці "Шчароўскія дажынкі", здзейсненае лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам "Загляне сонца і ў наша аконца" ў 1910 г.

У вершаванай аповесці "Шчароўскія дажынкі" галоўная ідэя заключаецца ў тым, што крытэрыем ацэнкі чалавека павінны быць яго сумленнасць і працавітасць. Расказваецца, як сяляне выбіралі найбольш дастойную дзяўчыну - царыцу дажынак - аж з дапамогай варажбіткі. Пасля дажынак усе весяляцца і гуляюць у панскім двары.

"Верш Навума Прыгаворкі" напісаны з нагоды чаканага прыезду ў Мінск скрыпача і кампазітара Апалінарыя Концкага, паэта, драматурга, перакладчыка, крытыка, краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі  і кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва ёсць рукапісны спіс верша, зроблены Б. Эпімахам-Шыпілам у 1890-я гг.

Верш "Да пачцівых беларусаў" гэта вершаваная прадмова-зварот да ўсяго зборніка.

У вершаваным апавяданні "Літаратарскія клопаты" расказваецца пра нялёгкі шлях паэта, які вырашыў прысвяціць сваё пяро простаму люду. Усе сумненні і пакуты зможа пераадолець той пісьменнік, які выразна ўсведамляе свой абавязак служэння народу. Вялікае значэнне для яго мае, як сказана ў звароце "Да Уладзіслава Сыракомлі",  "разуменне... знакамітых людзей, якія вызначаюцца шляхетнасцю душы".

Цытаты

"Грыпіна рукой махнула,
Трэйчы ўголас кашлянула,
І цікавы беларусы
Змоўклі, вось маўляў трусы;
Чакаюць, што стара скажа,
Як ім загадку развяжа
І якія падасць рады,
Каторай з дзяўчат грамады
Вянком прыбраці галоўку?
Трэба ж прыгожу дый лоўку;
Штоб сорам знала божы,
Чэсць хавала у старожы,
Галасочак звонкі мела,
Штоб песенькі громка пела,
Сялу штоб не было стыдна. -
Дзяўчаты глядзяць завідна,
Чакаюць на старых волю,
Каторай бог пашле долю?"

("Шчароўскія дажынкі")

"Засвяцілі тры звездачкі ў пару нам шчасліву!
Заляцелі тры сакалы дый на нашу ніву!
Не звездачкі ж то нябесны, што ярка мігаюць,
Не сакалы, што шырока бушуюць у полі;
А прыбылі тры дудары - так пяюць, іграюць,
Што ангелы надзівіцца не ў сіле здаволі!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Злосна вам, сыны заморскі, завідна, панята!
Што славянская зямелька у розум багата;
Вы б хацелі усе розумы - і свае і нашы,
Маўляў саранча на ніве, паесці ў кашы, -
Не даждання ж, мудрагелі! - і нашая ніва
Вялікімі дударамі уздаволь шчасліва! -
Біце ж чалом тром сакалом, хлапцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі, славянскай зямліцы!"

("Верш Навума Прыгаворкі")

"Шлю, браты, вам прывітанне,
Помніце павек спяванне
Дудара, што к вам імкнуўся.
Ад цнатлівай Беларусі
Дар прыміце - вершаў ношку;
Ёсць тут усяго патрошку."

("Да пачцівых беларусаў")

"А што ж дае мая скупая ніва,
Быллём паросшая? Шмат трэба працы,
Пакуль уробіш! Дык хачу прызнацца,
Што трачу дух. Я гэтак клапатліва
Шмат месяцаў тварыў, і ўвесь здабытак, -
Што многа слоў пустых пачуў і крытык.
Здароўя шмат забрала гэта праца!
Якім паддаўся прыніжэнням, мукам,
Пакуль яе ўдалося выдаць друкам...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Падзяка, беларусы, вам за тыя хвілі,
Калі вы к вашым сэрцам дудара тулілі.
За шчырасці, з якімі быў я ў вас прыняты,
Свае да вас пачуцці я ўтрымаю свята,
І захаваюць праўнукі мае і ўнукі,
Знаходзячы ў вас добры прыклад для навукі!"

("Літаратарскія клопаты", пераклад Пятра Бітэля)

  Ccылка на facebook